Гарадзенец Юзаф Нямера 15 ліпеня вызваліўся з Івацэвіцкай ПК №22 (так званыя “Воўчыя норы”) пасля 1,5 гадоў неправамернага зняволення. Такі рэпрэсіўны прысуд у дачыненні да пенсыянера выносілі не адразу.

Нагадаем, што Нямера падчас мірнай акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года, убачыўшы гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў «органаў унутраных спраў» у дачыненні да іншай удзельніцы пратэсту, вырашыў абараніць жанчыну і ў працэсе абароны штурхнуў аднаго з грамадзянаў у міліцэйскай форме Паўла Слацкага. За гэтыя дзеянні яго звінавацілі ў парушэнні адразу 2 артыкулаў КК РБ: 342 (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак) і 364 (гвалт ці пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўніка ворганаў унутраных спраў) і 12 лістапада ў будынку суда Кастрычніцкага раёна суддзёй Вольгі Бекушавай засудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання («хатняя хімія»).

Апроч таго Юзэф Нямера выплаціў кампенсацыю «пакрыўджанаму» ім Слацкаму ў памеры 500 беларускіх рублёў. З улікам 3 месяцаў дасудовага арышту Нямера быў вызвалены з залі суда.

Аднак пракурору гэтае неправамернае пакаранне ўсё ж падалося недастатковым, і ён падаў апеляцыйны пратэст. Справу пераглядалі двойчы, таму што першы раз Гарадзенскі абласны суд пакінуў рашэнне Бекушавай без зменаў. А вось новая камісія з удзелам вядомых штампоўшчыкаў «палітычных» прысудаў Бубенчыка, Кулешы і Рачынскага намалявала 1,5 гады з запатрабаваных абвінаваўцам Антонам Шалковічам 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Тэрмін прысуджанага 13 траўня 2021 года пакарання акурат і выйшаў сёлета 15 ліпеня.