Дагэтуль ахвотных набыць палац не знайшлося, хоць было некалькі спробаў знайсьці інвэстара. А ў плян маштабнай рэканструкцыі Дзятлава палац у свой час не ўключылі.

Папярэдні аўкцыён спрабавалі правесьці ў верасьні 2021 году і прадаць палац за 145 тысяч рублёў. Ахвотных не знайшлося. Найбліжэйшы аўкцыён прызначылі на 11 жніўня, а заяўкі трэба падаваць да 5 жніўня, інфармуе Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь.

Пачатковы кошт будынка 30 963 рублі, гэта каля 12 тысяч даляраў ЗША.

З палацам у 1500 квадратных мэтраў здаецца ў арэнду на 50 год і зямельны ўчастак пры палацы плошчай 0,4 га. Выкарыстоўваць жа яго можна будзе абмежавана — побач водаахоўная зона і прыбярэжная паласа. Карыстаньне неабходна будзе распачаць не пазьней, чым праз тры гады ад куплі.

Прадаць былы палац Радзівілаў улады ў Дзятлаве хацелі яшчэ ў 2015-м, калі будынак нават не рэстаўравалі да «Дажынак». Аднак ні тады, ні на пазьнейшых аўкцыёнах пакупнік не знайшоўся.

Перад тым, як прынялі рашэньне выставіць яго на продаж, палац належаў раённаму шпіталю.

Гістарычная даведка: Сядзіба (1751 г.), пабудавана па фундацыі Мікалая Радзівіла, з канца 18 стагоддзя належала Солтанам, за іх удзел у паўстаньні 1830-31 гг. секвестравана, у 2-й палове выкарыстоўвалася пад кавалерыйскую казарму, потым пад турму. Ад ансамблю зьбярогся палац, гаспадарчыя пабудовы і вялікі парк не захаваліся. На месцы палацу некалі быў замак Астрожскіх. У пачатку 20 стагоддзя і ў міжваенны час тут была школа, пасьля 2-й сусьветнай вайны ажно да 1990-ых гадоў – шпіталь. Зараз будынак пустуе.