Беларускія дзеячы не даюць спакою расейскай актывістцы з Гародні Ольге Бондаревой нават пасля смерці. Цяпер яна ўзялася за знішчэнне памяці пра беларускага літаратуразнаўцу і грамадскага дзеяча Адама Мальдзіса.

У сацсетках Бондарева пахвалілася, што яе “действия по защите исторической памяти от происков БЧБ-националистов дали результат”.

На Астравеччыне збіраліся ўшанаваць вядомага навукоўца Адама Мальдзіса шыльдай на будынку Астравецкай раённай бібліятэкі, а таксама назваць у яго гонар адну з вуліцаў Астраўца.

Напомнім, што Адам Мальдзіс – нараджэнец вёскі Расолы, што ў Астравецкім раёне. Знакаміты літаратуразнавец, перакладчык, доктар філалагічных навук. Памёр ва ўзросце 89 гадоў у студзені 2022 году. Быў узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны і медалём «100 гадоў БНР». Заслужаны дзеяч культуры Польшчы. Узначальваў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францішка Скарыны. Быў сябрам Уладзіміра Караткевіча.

Астравецкі райвыканкам прыняў 24 чэрвеня 2022 года адпаведнае рашэнне – пра наданне раённай бібліятэцы імя Мальдзіса і памятную шыльду.

А зараз атрымаліваецца, што нейкая экзальтаваная асоба, якая нічым не адзначылася ў гісторыі, акрамя як скандальных судовых працэсаў, былая кантрабандыстка, а зараз ваёўная прыхільніца “русского мира” Бондарева адной скаргай у абласное ўпраўленне культуры аблвыканкаму можа змяніць рашэнне цэлага Астравецкага райвыканкаму.

Такія рэаліі сённяшняй Беларусі.