У Гарадзенскім абласным судзе 18 ліпеня агучылі прысуд актывістцы з Пружанаў Юліі Лаптановіч, якую ўтрымліваюць за кратамі дзевяць месяцаў.

Суддзя Віктар Сянько прызнаў палітзняволеную вінаватай па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзіў да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, суд прызначыў Лаптановіч штраф 608 рублёў.
Юлія і яе палітзняволены муж Ігар Лаптановіч — актывісты з Пружанаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. На волі іх чакаюць трое дзяцей.

Нагадаем, мужа і жонку асудзілі 4 жніўня 2021 года ў Берасці па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы ладзілі карагод і спявалі песні, а іх разагналі вадамётам. Тады Ігара асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, а Юлію — да трох гадоў «хатняй хіміі». Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы.