У Менску выйшла з друку ўнікальная кніга твораў Самсона Пярловіча (1923-2001) – паэта з Наваградку, чалавека складанага лёсу, які ў сваім жыцці прайшоў праз шматлікія выпрабаванні і пакуты, найбольшыя з іх былі – гітлераўскія і сталінскія лагеры. Кніга мае назву “Сэрца замірае ад тугі”.

У прадмове Сяргей Чыгрын знаёміць чытачоў з лёсам Самсона Пярловіча. У 1943 годзе 20-гадовага юнака схапілі немцы і павезлі ў Германію. Везлі яго і іншых юнакоў і дзяўчат на Рыгу. Па дарозе ён і яшчэ некалькі хлопцаў скокнулі з вагона. Але хутка іх схапіла латышская жандармерыя. Пасля допытаў іх адправілі на Лібаву, дзе хутка Самсон са сваімі сябрамі апынуўся ў лагеры за калючым дротам. Адтуль хлопцы зноў уцяклі і некалькі тыдняў былі вольнымі. Але хутка іх зноў арыштавалі і адправілі ажно ў Вену.

Вызвалілі Самсона Пярловіча ў пачатку красавіка 1945 года. Пасля вайны юнак вярнуўся на родную Наваградчыну і пачаў супрацаваць з Наваградскай раённай газетай. У гэты час у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі ўтварыліся падпольныя моладзевыя суполкі, якія вырашылі супраціўляцца мерапрыемствам савецкай улады, скіраваным на вынішчэнне беларушчыны. Галоўнай мэтай змагання моладзевага падполля было здабыццё незалежнасці Беларусі. Да іх далучыўся і Самсон Пярловіч.

30 траўня 1947 года ён быў арыштаваны. Яго і ўсіх астатніх хлопцаў і дзяўчат завезлі ў Баранавічы ў турму “Крывое кола”, там іх і дапытвалі. Перад арыштам у Самсона Пярловіча знайшлі верш “Паднімецца крыўда”, які ён напісаў у 1947 годзе. Другая страфа верша гучала так:

Бо Сталін — тыран і старых, і малых

— Запрогшы ў прыгонныя ёрмы,

Нявіннай крывёй суцяшае іклы,

Каму колькі жыць ставіць нормы…

Пра гэты верш ведаў нават сам Цанава. Ён так хацеў паглядзець на юнака з Наваградчыны, які набраўся мужнасці ўзняць голас супраць Сталіна, што Пярловіча з Баранавіч адправілі ў Менск на допыт да Цанавы. Самсон Пярловіч успамінаў: “Заходжу ў кабінет. Там шмат чыноў НКВД. Выходзіць з-за стала нейкі гарбаносенькі чалавек. Гэта быў Цанава. Паказвае тэкст майго верша і пытае: “Твой?”. “Мой”. “Ды як жа ты набраўся нахабства так напісаць пра геніяльнага чалавека? Сталін — бацька народаў”, — закрычаў Цанава. “Для вас, можа, і бацька народаў, а для беларускага народа — кат”, — адказваю. Малады я тады быў, гарачы, ды і тэрмін ведаў. Як цяпер бачу: Цанава весь расчырванеўся і кажа па-беларуску: “Не мані!…” .

За верш і за СВБ Самсона Пярловіча асудзілі на 10 гадоў сталінскіх лагераў. Яго выслалі на лесапавал у лагер Усць-Вым (Комі АССР), потым беларускі юнак будаваў шахты ў спецлагерах Караганды. Гэта былі шахты імя Кастэнкі, 107-я, 120-я…

Восенню 1956 года Самсон Пярловіч вярнуўся ў родны Наваградак, дзе і пражыў сваё жыццё. Пісаў вершы, трохі друкаваўся, паспеў выдаць некалькі сваіх зборнічкаў. У кнігу “Сэрца замірае ад тугі” Сяргей Чыгрын уключыў вершы паэта, сатырычныя творы і аповесць “Да белых мядзведзяў”, а таксама ўспаміны тых людзей, хто ведаў і сябраваў з Самсонам Пярловічам.