Беларускі краязнавец, педагог, пісьменьнік, вязень ГУЛАГу Аляксей Анішчык нарадзіўся 19 ліпеня 1912 году ў вёсцы Мондзіна (Наваградзкі раён).

Выпускнік Наваградзкай беларускай гімназіі і магістратуры эканамічнага факультэту Пазнаньскага ўніверсітэту. Пасьля вайны працаваў у Катавіцах, дзе кіраваў курсамі для інжынэраў і тэхнікаў.

У верасьнёвай кампаніі 1939 году ў складзе польскага войска бараніў Варшаву ад нацыстаў.

Пасьля капітуляцыі Польшчы вярнуўся ў Наваградак, дзе выкладаў у школе беларускую мову і літаратуру. На Беласточчыне быў дырэктарам школы. У 1941 годзе — выкладчык і загадчык школы ў мястэчку Усялюб. З 1942 году выкладчык Наваградзкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі.

Актыўна займаўся беларускай выкладчыцкай і журналісцкай дзейнасьцю ў 1940-я гады, у часы нямецкай акупацыі. Публікаваўся ў газэце “За праўду”, са студзеня 1944 году яе рэдактар. У лютым — траўні 1944 году загадчык Наваградзкай друкарні, у траўні — чэрвені супрацоўнік сэктара радыёперадач Беларускага культурнага цэнтру ў Менску.

Браў удзел у ІІ Усебеларускім кангрэсе ў Менску ў 1944 годзе, дзе рэзка выступіў «супраць усіх акупантаў Беларусі».

У 1945—1946 гадах жыў у Кракаве, працаваў у газэтах. Узначаліў ваяводзкі аддзел выдавецтва «Czytelnik» ва Уроцлаве і Шчэціне. Арыштаны савецкімі спэцслужбамі ў Польшчы ў траўні 1948 году і засуджаны да расстрэлу. Сьмяротны прысуд пазьней зьмянілі на 25 гадоў ГУЛАГу. Быў вызвалены ў 1962 годзе. Рэалібітаваны ня быў.

Па вызваленьні працаваў эканамістам у Вярэнаве, потым у Эйшышках, пасьля ў Шырвінтах. 24 лютага 1973 году ажаніўся з Аленай Анішчык. Жыў у Вільні, пісаў вершы, якія былі надрукаваныя толькі пасьля атрыманьня Летувой незалежнасьці. За ўласныя грошы і ахвяраваньні выдаў некалькі кніжак прозы, вершаў і ўспамінаў. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 2000 году. Пад псеўданімам Андрэй Чэмер у 1997 годзе выдаў кніжку “Наваградзкая Беларуская гімназія”.

Быў актыўным у беларускім грамадзкім жыцьці, узначальваў Віленскае беларускае таварыства палітвязьняў і ссыльных. Роўна за год да сьмерці пакінуў пасаду.

Памёр Аляксей Анішчык у Вільні 31 сакавіка 2007 году. Пахаваны на віленскіх Сьвята-Эфрасінеўскіх могілках.