Пасля пратэстаў 2020 года і ўзмацнення рэпрэсій з Беларусі з’ехала больш за 400 журналістаў. 29 прадстаўнікоў медыя знаходзяцца за кратамі. Такія дадзеныя прыводзіць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

З Гарадзеншчыны была змушана з’ехаць пераважная бальшыня сябраў БАЖ. Каля 25 гарадзенскіх журналістаў зараз знаходзяцца за мяжой – у Беластоку, Варшаве, Батумі, іншых гарадах розных краін. Двое сябраў Гарадзенскай філіі БАЖ – Дзяніс Івашын і Анджэй Пачобут зараз знаходзяцца ў зняволенні. Віктар Сазонаў знаходзіцца пад падпіскай аб невыездзе.

Па словах Гарэцкага, часам нехта з журналістаў вяртаўся дадому, аднак гэта мела непрыемныя наступствы.

“Наконт страху не прыжыцца я адразу скажу, што ў нас шмат партнёраў, з якімі мы камунікуем і спрабуем падтрымаць кожнага журналіста беларускай медыйнай прасторы: і тых, хто хоча заставацца ў Беларусі, і тых, хто выехаў. У прыярытэце, вядома, людзі, якія засталіся ў краіне, бо акурат у іх магчымасьцяў працы значна менш, чым недзе ў эміграцыі”, — сказаў Барыс Гарэцкі.

Намеснік старшыні БАЖ мяркуе, што пераехаўшы за мяжу, беларускія медыя даволі лёгка “перазапусціліся”, але журналісты моцна пацярпелі за час працы на пратэстах, таму цяпер назіраецца голад кадраў.

На сёння створаны фонд MediaSol, які дапамагае журналістам.