Ваўкавыскі прадпрымальнік, якога вінавацяць у падпале машыны і дома сілавікоў, дзясяты дзень ня есьць і ня п’е.

Як стала вядома Свабодзе, Аўтуховіча, якога кінулі ў карцар на тыдзень, працягваюць прыводзіць на судовыя паседжаньні, што адбываюцца ў будынку горадзенскай турмы. Ён усё больш слабее, але трымаецца досыць бадзёра і ня скардзіцца на свой стан. На працэсе ён пры неабходнасьці ўстае і гаворыць, але ціха. У турме вязьня рэгулярна наведваюць лекары.

Раней паведамлялася, што Аўтуховіч моцна абязводжаны, у яго перасохлі вусны і язык, ад яго ідзе моцны пах ацэтону, які выдзяляецца пры галадаваньні. Блізкія просяць дасылаць Міколу негазаваную ваду, сокі, мёд у плястыкавай упакоўцы, каб ён у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі.

Вязень такім чынам пратэстуе супраць абмежаваньня яго ў ліставаньні, яму перасталі даходзіць лісты нават ад прэстарэлай маці.

Чалавек можа памерці без вады ўжо на трэці дзень, або ў ягоным арганізме могуць пачацца незваротныя зьмены.