Вязень ГУЛАГу, рэлігійны дысідэнт, тэолаг, публіцыст, сьвятар Грэцка-каталіцкай царквы, стваральнік Гарадзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай Віктар Данілаў нарадзіўся 20 ліпеня 1927 года ў Яраслаўлі.

Віктар Данілаў у студэнцкія гады быў зняволены ў сталінскі канцлягер, дзе прабыў сем гадоў. Быў вязнем ГУЛАГу ў 1948-1955 гадах. Там, у зняволенні, ён прыйшоў да веры, а выйшаўшы на свабоду, прысвяціў усё сваё жыццё служэнню хрысціянству. У Гародні ён стаў уніяцкім святаром, пазней быў дэканам Беларускай Грэка-каталіцкай царквы. Аўтар шматлікіх тэалагічных працаў.
У 1947 годзе Віктар Данілаў паступіў у Яраслаўскі педагагiчны iнстытут, у чэрвені 1948-га арыштаваны за свае крытычныя выказваннi пра Сталiна i абвiнавачаны ў антысавецкай агiтацыi. Пазней згадваў пра свае думкі напярэдадні арышту: “Лічыў, што рыба гніе з галавы. Я стаў марыць пра вяртанне партыі да ленінскага мінулага. Тады я стаў крытыкам рэжыму – як мне тады здавалася, з пазіцыяў ленінізму”. Быў засуджаны паводле артыкулаў 58 Крымінальнага кодэксу РСФСР да 10 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмiн адбываў у лагеры для асаблiва небяспечных палiтычных злачынцаў у Iнце, Комi АССР. За падрыхтоўку ўцёкаў атрымаў паўторную судзiмасць тэрмiнам на 10 гадоў. За час знаходжання ў няволі пераасэнсаваў свае пазіцыi, адмовiўся ад таталiтарнага калектывiзму, марксiзму, перастаў быць атэістам, чаму папярэднічалі доўгія развагі. У лагеры прыняў каталiцкае веравызнанне, хрысціўся ў рыма-каталіцкага святара.

У 1955 годзе вызвалены па амнiстыi i пасля ў падполлі займаўся мiсiянерскай дзейнасцю. Са снежня 1955 года узнавiў вучобу на гiстарычным факультэце Яраслаўскага педагагiчнага iнстытута. Аднак пасля сканчэння дыплом яму спачатку не выдалі па той прычыне, што ён быў актыўным католiкам, пра што адмiнiстрацыi iнстытута стала вядома з даносу. Толькi настойлiвасць Данілава, яго афiцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамi пра рэлiгiйную дыскрымiнацыю дазволiлi ва ўмовах палiтычнай лiбералiзацыi –  “адлiгi” часоў Хрушчова, адбараніць свае правы i атрымаць дыплом пра вышэйшую адукацыю. Але ўладкавацца па спецыяльнасцi ён не змог, з 1959 года працаваў электрамантажнiкам.

У 1960 годзе пераязджае ў больш лiберальныя рэгiёны СССР – спачатку ў Вільню, а ў 1967 годзе ў Гародню. Але і ў гэтых гарадах знаходзіўся пад сталым наглядам КГБ. Шматразова выклікаўся на допыты, двойчы ў яго дома “чэкісты” праводзілі ператрусы на прадмет пошуку і канфіскацыі рэлігійнай літаратуры. Дыскрымінаваўся ўладамі ў розны спосаб.

У пачатку 1970-ых гадоў атрымаў прапанову вучыцца на святара грэка-каталiцкага абраду. У 1976 годзе ў Львове тайна пасвечаны ў святары мiтрапалiтам Украінскай Грэцка-Каталіцкай Царквы Ўладзiмірам Сцернюком. Вярнуўся ў Гародню i пачаў святарскае служэнне ва ўмовах падполля. Да айца Віктара звярталіся па духовую дапамогу людзі з розных гарадоў Беларусі і з-за яе межаў. Падтрымліваў кантакты з рэлігійнай апазіцыяй розных гарадоў СССР, выязджаў у іншыя рэгіёны, аж да Сібіры і Каўказу. Пiсаў рэлiгiйныя працы для самвыдату. Цесна кантактаваў з праваслаўнымі святарамі ў Расеі – Дзмітрыем Дудко і Аляксандрам Менем.

На сустрэчы з Папам Янам Паўлам Другім

З 1992 года быў легальна святаром грэка-каталiцкай парафii ў Гародні. Многія гады айцец Віктар вёў актыўную душпастырскую дзейнасць, арганізоўваў і ўмацоўваў мясцовую грэка-каталіцкую суполку. У 2003 годзе вярнуўся на радзіму ў Яраслаўль, вёў там місіянерскае служэнне, працягваў пісаць працы на рэлігійныя тэмы і прапаведаваў у фэйсбуку. У 2015 годзе ў інтэрнэце з’явілася яго перавыданне працы “Мой шлях да Бога і да Каталіцкай царквы”.

Памёр айцец Віктар Данілаў 7 снежня 2016 года ў Яраслаўлі. Пахаваны на яраслаўскіх Асташкінскіх могілках.