
«Чарговы акт варварства ў Беларусі. На гэты раз быў знішчаны помнік жаўнерам Арміі Краёвай у Стрыеўцы. Гэты акт вандалізму з’яўляецца выразам нянавісці рэжыму Лукашэнкі да Польшчы», – напісаў польскі прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі ў Facebook.
Як паведамлялася раней, невядомыя разбурылі помнік жаўнерам Арміі Краёвай у вёсцы Стрыеўка на Гарадзеншчыне. Пра гэта паведаміў актывіст Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі. Маравецкі таксама зазначыў: «Хоць Лукашэнка робіць усё, каб падзяліць палякаў і беларусаў, трэба памятаць, што ён нясе непасрэдную адказнасць за ўсё дрэннае, што адбываецца сёння ў Беларусі. Польшча і палякі хочуць жыць у як мага глыбейшым сяброўстве з беларускім народам». Прэм’ер дадаў, што Польшча будзе выкарыстоўваць усе магчымыя дыпламатычныя інструменты, каб дамагчыся справядлівасці і пакараць вінаватых у гэтай прафанацыі. «Адбудуем усе разбураныя магілы, як толькі Лукашэнка сыдзе», – сказаў Маравецкі.