У Гародні працягваецца суд над «групай Аўтуховіча». Самага вядомага фігуранта справы 25 ліпеня выдалілі з судовай залі.

Мікалай Аўтуховіч галадае за кратамі 15-ы дзень, палітвязень выглядае вельмі кепска.

Ранкам Аўтуховіча выдалілі з паседжаньня пасьля таго, як ён адмоўна адказаў на пытаньне судзьдзі, ці можа ён сядзець. Мікалай адказаў, што з прычыны стану здароўя можа толькі ляжаць.

На гэты суд сказаў, што ляжаць на лаўцы падсудных нельга. Завязалася абмеркаваньне, пасьля чаго Аўтуховіча выдалілі і працягнулі паседжаньне ўжо безь яго.

У судзе было заяўлена хадайніцтва, каб падсуднага агледзеў іншы, а не турэмны лекар, аднак яму адмовілі.

На мінулым тыдні Аўтуховіча трымалі ў карцары, але затым прынялі для яго перадачу, што імаверна азначала, што яго вярнулі ў звычайную камэру.

Аўтуховіч — беларускі рэкардсмэн у турэмным галадаваньні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005–2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.

Міколу Аўтуховічу 59 гадоў, ён вэтэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадзкі актывіст. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго ў «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. Гэта трэцяе ягонае зьняволеньне.