Пасля доўгай хваробы 23 ліпеня памёр Міхась Патрэба, адзін з лідараў сацыял-дэмакратаў Гародні, удзельнік устаноўчага схода партыі ў 1991 годзе, былы выкладчык нямецкай мовы ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Яму было 77 гадоў.

Міхась Патрэба нарадзіўся ў 1945 годзе ў вёсцы Падчарнейкі Свіслацкага раёна, каля Белавежскай пушчы.

У 1980-ыя гады за незалежніцкія погляды яго звольнілі з універсітэту. Каб аднавіцца на працы, яму давялося прайсці ўсе суды, нават Вярхоўны. У канцы 1980-х ён змог вярнуцца на працу.

У 1990-ыя Міхась Патрэба неаднойчы вылучаўся ў дэпутаты ад дэмакратычных сіл. Аўтар кнігі «Нацыянальная ідэя і сацыял-дэмакратыя».

Актыўна супрацаваў з Гарадзенскай абласной асацыяцыяй ахвяраў палітычных рэпрэсій. Укладальнік кнігі ўспамінаў «Ніколі болей» са сведчаннямі жыхароў Гародні, пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў савецкага часу.

Пахаванне адбудзецца 26 ліпеня ў Гародні. Развітанне — а 12.00 у царкве ў імя святой прападобнай Марфы на гарадскіх могілках па вул. Антонава (дакладны адрас — вул. Прыгарадная, 1). Адпяванне пачнецца там жа ў 13.30.