Вядомы гарадзенскі журналіст Ян Роман даў інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя.

РР: 25 ліпеня а 19.00 на плошчы ля помніка Ежы Папялушкі ў Беластоку адбудзецца акцыя салідарнасці з пераследаванымі лідарамі польскай меншасці ў Беларусі Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам.

Ян Роман: Я знаёмы з Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам досыць даўно. І тое, што Анджэй зараз знаходзіцца за кратамі, сведчыць пра тое, перадусім, як ставяцца ўлады Беларусі да польскай меншасці і яе лідараў. І пра гэта сведчыць тое, што Анджэй 16 месяцаў знаходзіцца за кратамі, і 16 месяцаў не спыняецца пераслед польскай меншасці ў нашай краіне.

РР: Польскіх месцаў памяці на Беларусі робіцца ўсё менш і менш. Ідзе руйнаванне пахаванняў польскіх жаўнераў, у першую чаргу Арміі Краёвай. Ашмяны, Іўе, Ёдкавічы, Багданы, Стрыеўка, Ваўкавыск… Канца проста не бачна. Напэўна, некаторыя з гэтых месцаў табе знаёмыя?

Ян Роман: Гэтыя месцы фактычна ўсе мне знаёмыя. Бо я ў сілу сваёй дзейнасці больш за 10 гадоў з’яўляюся аўтарам праграмы “Над Немнам”. Праграмы, якая выходзіць на польскім тэлебачанні і на “Белсаце” і распавядае пра жыццё польскай меншасці на Беларусі. І акурат ва ўсіх гэтых месцах я быў. І што тычыцца апошняга факту руйнавання ў Стрыеўцы. Там стаяў вялікі помнік у памяць пра больш як 30 загінулых жаўнераў АК у 1943 годзе падчас сутычкі з нямецкай жандармерыяй. І гэты помнік стаў чарговай ахвярай рэжыму ў Беларусі. Так атрымліваецца, што Лукашэнка бярэ ў закладнікі не толькі жывых, як Анжаліку і Анджэя, ён бярэ ў закладнікі мёртвых, што аддалі жыццё за незалежнасць краіны. І ён хоча памяць гэтую вынішчыць. Ён спрабуе такім чынам зачысціць прастору ад польскай гісторыі. Але наўрад ці яму гэта ўдасца. Памяць – гэта адзінае, на што Лукашэнка не мае ўплыву. Яна захаваецца незалежна ад таго, хоча ён гэтага ці не.

Цалком гутарка ў далучаным гукавым файле: