Гарадзенскі журналіст, палітвязень Дзяніс Івашын ужо паўтысячы дзён правёў за кратамі ў мясцовай турме. Дагэтуль няма ніякіх звестак адносна пачатку нейкага судовага паседжання, хоць вядома, што так званае следства ўжо даўно скончанае і справа перададзеная ў будынак гарадзенскага абласнога суда. Нагадаем, што абвінавачваюць Івашына ў парушэнні двух артыкулаў КК РБ: арт. 265 («умяшанне ў справы супрацоўнікаў унутраных органаў») і ч.1 арт. 256 («здрада дзяржаве»), у прапагандысцкіх відэа-роліках, якія прадэманстравалі на дзяржаўных тэлеканалах у сакавіку бягучага году, журналіста абвінавацілі ў працы на ўкраінскую выведку.

Сваякі палітвязня ўпэўненыя, што зацягванне працэсу сведчыць пра адсутнасць якіх-небудзь падставаў для крымінальнага пераследу журналіста і сфабрыкаванасць усёй справы дзеля стварэння перашкодаў яго працы і ажыццяўлення помсты рэжымам Лукашэнкі за раней напісаныя Івашыным расследаванні.

Жонка Івашына Вольга ў сваёй штодзённай справаздачы прыгадала ўсе катаванні і здзекі, якія за 16 з паловай месяцаў перажыў як сам Дзяніс непасрэдна ў палоне, так і яго сям’я. Сярод перажытага: пагоршанае здароўе; псіхалагічны ціск і запалохванні; забарона, знішчэнне і крадзеж дасланай Івашыну і ад яго карэспандэнцыі; шматразовае пакаранне карцарам за нязначныя або проста выдуманыя парушэнні правілаў унутранага распарадку; пастаянныя адмовы ў спатканні са сваякамі ды іншае.

Вольга Івашына таксама выказала меркаванне, што некаторыя катаванні з’яўляюцца асабістай ініцыятывай так званых следчых УКДБ па Гарадзенскай вобласці і супрацоўнікаў гарадзенскай турмы і звязаныя з непахіснай пазіцыяй самога Дзяніса, які цалком адмовіўся ад супрацы са следствам і не падаваў аніякіх паказанняў, а таксама з актыўнай пазіцыяй сваякоў Івашына, якія пастаянна інфармуюць грамадства і міжнародную супольнасць пра сітуацыю з журналістам, пішуць заявы і скаргі ў дзяржворганы і ўстановы.