Журналісту Анджэю Пачобуту, які ўжо 16 месяцаў знаходзіцца за кратамі, падобна, падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай, паведаміла жонка палітвязьня Аксана Пачобут.

«Учора скончылася папярэдняе падаўжэньне варты для Анджэя Пачобута, але ён па-ранейшаму ў турме. Відавочна, мужу зноў падоўжылі варту. Увесь гэты час ён жыве ў 4 сьценах.

16 месяцаў!!! За гэты час наш сын перагнаў па росьце бабулю зь дзядулем. З сынам не дазволена перапіска, бо Андрэй зь ягонага нараджэньня мае зносіны зь ім на польскай мове. Ён піша скаргі, якія адміністрацыя нават не выпускае зь СІЗА.

У лістах піша, што не журыцца, чытае кнігі і гатовы да горшага разьвіцьця падзей. Перадае прывітаньне ўсім знаёмым і незнаёмым людзям і дзякуе ўсім, хто, нягледзячы ні на што, працягвае пісаць…», — паведаміла Аксана ў фэйсбуку.

Паводле афіцыйных зьвестак, сьледзтва ў дачыненьні да Анджэя Пачобута павінна было скончыцца 25 ліпеня.