Мікалая Аўтуховіча, які 19-ы дзень галадае, не даставілі на судовае пасяджэньне 29 ліпеня.

З абвінавачаным у «тэрарызьме» Мікалаем Аўтуховічам, які аб’явіў галадоўку, абыходзяцца бесчалавечна, заявіў прэс-сакратар Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Пэтэр Стана.

Ён зазначыў, што Аўтуховіч «адмаўляецца ад ежы і вады, патрабуючы захаваньня яго права на перапіску».

«Гэта бесчалавечнае абыходжаньне. Улады Беларусі павінны выконваць свае міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека», — падкрэсьліў Стана.

Галоўны фігурант «справы Аўтуховіча» 59-гадовы Мікалай Аўтуховіч абʼявіў сухую галадоўку 11 ліпеня на знак пратэсту супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газэт.

26 ліпеня дачка Аўтуховіча паведаміла, што ён сурʼёзна аслабеў. На пасяджэньні 28 ліпеня, якое аднавілася пасьля суткавага перапынку, падсудны адсутнічаў. Адвакатка не змагла даведацца, у якім ён стане.

28 і 29 ліпеня яго не было на судзе, паведаміла дачка Аўтуховіча.

Адвакатка папрасіла суд пабачыць свайго падабароннага, начальнік турмы заявіў ёй, што лекары тры разы на дзень абсьледуюць яго і ня выявілі незваротных зьмен у арганізме.