
Праводзіць экскурсіі ў музеях змогуць толькі ўласныя экскурсаводы, а культурна-відовішчныя мерапрыемствы дазволяць ладзіць толькі тым, у каго будзе пасведчанне. Адпаведныя змены ў Кодэкс аб культуры 25 ліпеня 2022 года падпісаў Лукашэнка.
Што будзе новага ў Кодэксе аб культуры:
- Уводзяць пасведчанне на права арганізацыі і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў усімі арганізатарамі. Гэта не тычыцца фізічных асоб, якія праводзяць мерапрыемствы без асабістых патрэбаў і без атрымання прыбытку. Да гэтага можна залічыць юбілеі і вяселлі.
- Міністэрства культуры будзе запісваць арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстаў у адпаведны рэестр. Правесці мерапрыемства будзе магчыма толькі асобам, якія ёсць у гэтым рэестры.
- Прыярытэтнае права на набыццё культурных каштоўнасцяў, калі ўласнік прыме рашэнне аб іх адчужэнні, будуць мець дзяржаўныя арганізацыі культуры.
- Пераразмеркавалі паўнамоцтвы паміж Міністэрствам культуры і мясцовымі органамі ўлады па пытаннях выкарыстання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў рэгіянальнага значання. Спрасцілі парадак правядзення на іх бягучага рамонту.
- У законе змяшчаюцца таксама іншыя нормы, у тым ліку ўдакладненні асобных аспектаў у сферах бібліятэчнай, музейнай, рамесніцкай дзейнасці, кінематаграфіі, народнай творчасці.
- Праводзіць экскурсіі ў музеях будзе дазволена толькі супрацоўнікам музеяў.
Змены ў Кодэксе набудуць моц праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.