Палітвязень Анджэй Пачобут напісаў, што гаворка ідзе пра некалькі «кур’ёзных абвінавачаньняў, якія фігуруюць у крымінальнай справе, падрыхтаванай рэжымам».

Польскае выданьне Rzeczpospolita атрымала інфармацыю пра тое, у чым вінавацяць аднаго зь лідэраў польскай меншасьці, журналіста Анджэя Пачобута.

Палітзьняволенаму Анджэю Пачобуту самому ўдалося перадаць гэтую інфармацыю з-за кратаў.

«Пракуроры дыктатара палічылі, у прыватнасьці, выказваньні Пачобута аб савецкай агрэсіі супраць Польшчы 17 верасьня 1939 году „распальваньнем нацыянальнай варожасьці“. Паколькі, паводле прапаганды Лукашэнкі і Крамля, менавіта тады адбылося „вызваленьне ўкраінскага і беларускага народаў, прыгнечаных Польшчай“», — піша выданьне.

Таксама паведамляецца, што яшчэ адным «абсурдным доказам», які нібыта пацьвярджае абвінавачаньні на адрас журналіста, зьяўляюцца ягоныя выказваньні ў абарону польскай сыстэмы адукацыі ў Беларусі, якая гадамі разбуралася рэжымам Лукашэнкі.

«У справе фігураваў і адзін з артыкулаў Пачобута ў Gazeta Wyborcza, у якім ён паведамляў пра жорсткае задушэньне поствыбарных пратэстаў сілавікамі ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году. Абвінаваўцы рэжыму таксама ўгледзелі „распальваньне нянавісьці“ ў заявах і інтэрвію Пачобута, якія ён даў польскім СМІ. Да справы таксама прыклалі і артыкул у Magazyn Polski, які ён напісаў у 2006 годзе і прысьвяціў Анатолю Радзівоніку („Алех“), аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага і вызваленчага падпольля ў Гарадзенскай вобласьці», — адзначае «Rzeczpospolita».