Гарачая стадыя вайны абвастрыла многія паняткі, рэчы і разуменні. Пры тым зараз варта быць асабліва дакладнымі ў азначэннях і назвах. Каб не адбывалася перакручвання і перакульвання ўсяго з ног на галаву. Так спецаперацыя Расеі, як яна акрэслівае свае дзеянні, павінна называцца вайной, а яе ўдзельнікі, якія перакрочылі дзяржаўную мяжу суверэннай Украіны, – захопнікамі-акупантамі. Больш складана з Беларуссю і беларусамі. Паводле таго, што адбылося і адбываецца Беларусь як дзяржава відавочна суагрэсар. Але наколькі адказнае за гэта беларускае грамадства, якое ў бальшыні не падтрымлівае вайну?

У гэтым сэнсе варта дакладна акрэсліць таксама тое, што адбылося ў найноўшай гісторыі на тэрыторыі Расеі і Беларусі, вызначыць падобнае і істотна адрознае. У тым ліку і ў асобах Лукашэнкі і Пуціна. Прырода абодвух абсалютна аднолькавая. Па-сутнасці, гэта адно цэлае, з той розніцай, што Масква – гэта цэнтральны офіс, а афіцыйны Мінск – яго філіял. Пры тым не пагаджаюся з тымі, хто сцвярджае, што ў Беларусі і ў Расеі адбыўся «захоп улады». Тэрмін «узурпацыя» намнога больш адпавядае сутнасці і рэчаіснасці. А менавіта таму, што абодва правадыры пачаткова былі абраныя на больш-менш дэмакратычных выбарах, і няма сумневу, што былі абраныя істотнай бальшынёй грамадства. Пры тым варта звярнуць увагу на іншую істотную розніцу. У 1994 годзе беларусам быў падсунуты «кот у мяху», ачмураныя выбарцы проста не маглі зразумець і усвядоміць за каго яны аддавалі свой голас. А многія пазней публічна і ў прыватных размовах каяліся ў сваім памылковым выбары.

У Расеі ж на кіраўніка дзяржавы ў 2000 годзе быў прапанаваны ідэалагічна выразны і акрэслены кандыдат – кіраўнік службы – наўпроставага нашчадка ВЧК – ОГПУ – НКВД – МГБ – КГБ. Нагадаю, што Пуціна абрала тады пераважная бальшыня расейскага грамадства ўжо ў першым туры і з вялікім энтузіязмам. Дык няўжо дарослыя людзі, якім ледзь не ўпершыню ў жыцці далі права рэальнага голасу і якія ў час «перабудовы» і 1990-ыя гады столькі пачулі праўды пра крывавую савецкую гісторыю, пра генацыд мірнага насельніцтва і ролю ў ім згаданай арганізацыя, маглі не ўсведамляць за каго і за што яны галасуюць!? Так што зараз расейскае грамадства павінна несці поўную адказнасць за свой асэнсаваны выбар. Тым больш, што з 2000-га году практычна ўсе дзянні Пуціна адпавядалі светагляду пераважнай бальшыні жыхароў Расеі і падтрымліваліся насельніцтвам – і адкрытая агрэсія ў 2008 годзе ў Грузію, і захоп Крыма ў 2014 годзе ўспрымаліся з вялікім энтузіязмам і разумеліся як вяртанне былой велічы Расеі. Ды і на галоўных выбарах у Расеі непатрэбныя былі асаблівыя фальсіфікацыі. А ашалелая падтрымка акупацыйнага ўварвання расейскай арміі ва Украіну пацвярджае тое, што расейскае шматнацыянальнае грамадства непазбежна і справядліва заплаціць дарагую цану за ваеннае вар’яцтва і злачынствы свайго кіраўніцтва. Можна сказаць, што Расея і Пуцін знайшлі адна аднаго і зліліся ў поўным шавіністычна-чалавеканенавісціцкім экстазе. Так што гэтыя вайна і расчалавечванне расейскага насельніцтва, якія мы зараз назіраем, былі заканамернымі і непазбежнымі.

Між тым сітуацыя ў Беларусі ў дынаміцы істотна адрознівалася і адрозніваецца. Папулярнасць Лукашэнкі і яго палітычнага курсу, нягледзячы на пэўны ровень матэрыяльнага дабрабыту і сацыяльнай стабільнасці, няўхільна стала падаць ужо ў канцы яго першай кадэнцыі. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што на пэўным этапе папулярнасць Лукашэнкі як лідара была куды большай у сумежжы – Украіне, некаторых рэгіёнах Літвы, на Падляшшы, чым у самой Беларусі. Для чарговых «элегантных» перамог машына выбарчых фальсіфікацый працавала на «поўную катушку». А рэйтынг «усенароднаабранага» усё падаў і падаў, ажно пакуль катастрафічна абрынуўся ў 2020 годзе. Тут ужо і беларускаму грамадству і ўсяму свету стала канчаткова зразумела на чым трымаецца ўлада ў Беларусі. Пасля гэтага і была праведзена якраз спецаперацыя Расеі па поўным падпарадкаванні Беларусі Маскве. Таму і паляцелі з тэрыторыі Беларусі ракеты па ўкраінскіх гарадах, таму і штурхаюць цэлы час войска Беларусі ў вайну.

Уладзімір Хільмановіч