На беларуска-польскай мяжы, зразумела, што з боку РБ, заўважаны прапагандысцкі білборд з выявай польскага дэзертыра Эміля Чэчкі. На ім напісана па-польску: «Маю чыстае сумленне, а ты?». І подпіс: Эміль Чэчка, салдат.

Білборд аднак не паведамляе, што Чэчкі ўжо няма ў жывых. Паводле афіцыйнай інфармацыі дзяржаўных медый Беларусі польскі дэзерцір павесіўся. Гэта здарылася праз некалькі месяцаў пасля таго, як ён з’явіўся ў Беларусі і пасля таго як Чэчку актыўна выкарыстоўвалі ў прапагандысцкіх матэрыялах.

Характэрна, што на білбордзе ёсць спасылка на псеўдаправаабарончую ініцыятыву лукашэнкаўца Дзмітрыя Белякова, актывістам якой быў перад смерцю Чэчка.

Прапагандысцкае расейскае СМІ «Спутнік» паведамляе, што валанцёрам «Сістэмнай праваабароны» Дзмітрыя Белякова стаў і паслядоўнік Чэчкі — прарасейскі польскі актывіст Марцін Мікалаек, які ў чэрвені папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.