У рамках прэс-канферэнцыі «Многоликая Беларусь. Вклад диаспор в общую историческую память», якая была прымеркаваная да Году гістарычнай памяці, у Менску адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу сярод дзяржаўных журналістаў і СМІ на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных дачыненняў, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацы з суайчыннікамі за мяжой.

Сярод узнагароджаных і рэдактарскі калектыў з Гарадзенскай вобласці. Гэта учреждение «Редакция газеты «Ашмянскі веснік».

Пры тым за што канкрэтна ўзнагародзілі рэдакцыю – сказаць цяжка. Ніякіх асаблівых публікацый на акрэсленую тэматыку ў выданні папросту няма. Сярод жа матэрыялаў, якія закранаюць міжнацыянальныя дачыненні можна прыгадаць толькі прапагандысцкую публікацыю “Армия Крайова: кровавый след. Почему памятным знакам «аковцам» не место на нашей земле”, якая ўхваляе разбурэнне месцаў пахаванняў акаўцаў у Мікулішках. Магчыма аўтарытэтнае журы конкурсу палічыла, што такія публікацыі ўмацоўваюць міжнацыянальныя дачыненні паміж палякамі і беларусамі і спрыяюць росту паразумення.