У пункце пропуску «Бераставіца» электронная чарга на платнае праходжанне мяжы расцягнулася ўжо на тыдзень.

Месцаў у платнай чарзе для легкавых машын на выездзе з Гарадзенскай вобласці ў Польшчу няма на тыдзень наперад.

Цяпер у Польшчу можна трапіць толькі праз пункт пропуску «Бераставіца», найбліжэйшы да Гародні памежны пераход «Брузгі – Кузніца» не працуе. Чарга на выезд зараз фармуецца па меры прыезду аўтатранспарту на спецыяльную паркоўку, праўда, паводле слоў звычайных беларусаў, у зоне чакання смела можна правесці і дзень.

Для тых, хто гатовы плаціць, прадугледжаная магчымасць паскоранага праезду – аўтамабіліст плаціць і браніруе сабе месца ў чарзе на канкрэтны час для праезду да мяжы. Зараз жа ахвочых выехаць у Польшчу і гатовых плаціць за гэта стала так шмат, што найбліжэйшаz дата для набыцця сабе месца ў чарзе ў Бераставіцы – 5 жніўня.