Удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, філамат, геолаг, мінеролаг, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 году ў маёнтку Мядзьведка (Карэліцкі раён).

У сем гадоў Ігнат Дамейка страціў бацьку, выхоўваўся ў бацькавых братоў. Адзін з іх, таксама Ігнат Дамейка, узяў яго да сябе ў маёнтак Жыбартоўшчына ў Лідскім павеце (цяпер Дзятлаўскі раён).

сядзіба ў Жыбартоўшчыне

Вучыўся Ігнат у піярскай школе ў Шчучыне. Быў там пад апекай Ануфрыя Петрашкевіча, з якім разам уваходзіў потым у Таварыства філаматаў. У 1822 годзе скончыў Віленскі ўніверсітэт.

Віленскі ўніверсітэт

Калі пачалося следства па справе філарэтаў і філаматаў, Ігната таксама арыштавалі і прывезлі ў Вільню, у турэмнае зняволенне. Але праз паўгода яго вызваляюць і адпускаюць пад нагляд паліцыі.

Памятная шыльда ў Базыльянскіх мурах Вільні

У час Лістападаўскага паўстання Дамейка становіцца ў шэрагі змагароў за вызваленне айчыны ад маскоўскага “прылучэння”. Пасля разгрому паўстання, ён выехаў у эміграцыю. У Дрэздэне сустрэўся з Адамам Міцкевічам і разам з ім і з іншымі землякамі выехаў у Парыж. Дапамагаў Адаму Міцкевічу ў выданні яго твораў, у тым ліку “Пана Тадэвуша”. У Парыжы Ігнат Дамейка добра папоўніў свае веды ў прыродазнаўстве, закончыў там горную школу. Яму даюць у Францыі працу па спецыяльнасці, якая не задавальняла Дамейку. Адам Міцкевіч знайшоў яму месца працы ў далёкай амерыканскай краіне – Чылі.

Прагны да вандраванняў, Ігнат Дамейка згадзіўся выправіцца за акіян. Ехаў туды на вызначаны час, а застаўся на ўсё жыццё. Стаў прафесарам мінералогіі ў Какімба і Сант’яга. Арганізаваў шырокае вывучэнне прыродных багаццяў Чылі, заняўся даследаваннем яе нетраў. Шмат зрабіў для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне мінералогіі, наогул прыродазнаўства. Неаднаразова выбіраўся рэктарам Чылійскага ўніверсітэта ў Сант’яга, быў аб’яўлены нацыянальным героем Чылі.

Вялікі вучоны-прыродазнавец не менш цікавы і як літаратар. Пісьменніцкае майстэрства Ігната Дамейкі асабліва ярка выявілася ў яго дарожных нарысах, якія друкаваліся пры жыцці аўтара ў самых розных выданнях Польшчы і іншых краін, а ў 1962-1963 гадах былі выдадзены ў Варшаве ў трох аб’ёмістых тамах пад агульнай назвай “Мае падарожжы”. У нарысах і артыкулах Ігнат Дамейка выявіў сябе як сапраўдны дэмакрат. Ён заўсёды быў на баку абяздоленых. З пашанай і глыбокай павагай расказваў ён пра культуру і побыт насельнікаў далёкіх краін, паглыбляўся ў іх гісторыю. Апісваючы краявіды чужых, экзатычных зямель, аўтар вельмі часта параўноўваў іх з роднымі мясцінамі, пра якія ўвесь час думаў і па якіх сумаваў.

У 1884 годзе беларускі выгнаннік змог наведаць сваю радзіму, якую не бачыў паўстагоддзя. Ды зноў вярнуўся назад, у Чылі, дзе ён ужо глыбока пусціў карані. Там і памёр.

Магіла Дамейкі ў Санцьяга

Калі сябры ў лістах папракалі Ігната Дамейку, што ён нібыта зрабіўся чужаком, ён адказваў ім такімі словамі: “Вядома ж, перарадзіцца я ніколі не здолею і спадзяюся на Бога, што я – ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах усё роўна памру ліцвінам”. А ў пісьме да Адама Міцкевіча ў 1854 года прызнаўся: “Калі б была магчымасць вярнуцца і паслужыць яшчэ, хоць на старасці год, свайму краю, то не ўседзеў бы тут, хоць я даўно ўжо стаў грамадзянінам гэтай краіны, уладальнікам маёнтка і бацькам…”.

Памяць

На месцы родавай сядзібы Дамейкаў у Вялікай Мядзведцы (Карэліцкі раён) усталяваны памятны валун. У школе вёскі Крупава Лідскага раёну створаны музей, у якім сабрана каля 500 экспанатаў, у тым ліку кніга Ігната Дамейкі “Мае падарожжы”, выдадзеная пры жыцці навукоўца ў Вільні. Да 200-годдзя Ігната Дамейкі ў вёсцы Крупава пасаджана алея ў яго гонар. У Вільні ў яго гонар вісіць шыльда на ўваходзе ў Базыльянскія муры. У Карэлічах традыцыйна праходзяць чытанні, прысвечаныя жыццю і дзейнасці навукоўца. Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь ў 2002 годзе выпусціў памятную манету ў гонар Дамейкі. Яго імя маюць вуліцы ў Менску і Наваградку. Сядзіба ў Жыбартоўшчыне ў занядбаным стане.

Памятная манета
Бюст Дамейкі ў Чылійскім універсітэце