Беларусы Вільні 31 жніўня выйшлі на акцыю, каб падтрымаць зняволенага ў Беларусі Мікалая Аўтуховіча. Пра гэта паведаміла актывістка „Народнай грамады”, паплечніца Мікалая Статкевіча Вераніка Мішчанка.

Удзельнікі акцыі звярнуліся да Алега Гулака з Хельсінкскага камітэта і Паўла Сапелкі з праваабарончага цэнтра „Вясна” з патрабаваннем неадкладна прызнаць Аўтуховіча палітвязнем. „Давайце разам выратуем мужнага чалавека, Беларуса з вялікай літары, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля свабоднай Беларусі”, — заявілі ўдзельнікі акцыі.

За 21 дзень сухое галадоўкі вязень схуднеў на 20 кіляграмаў. Начальнік турмы запэўніў адвакатку, што дактары на месцы адсочваюць фізычны і таксама псыхалягічны стан Аўтуховіча, і трымаюць сытуацыю пад кантролем. Галоўны фігурант «справы Аўтуховіча» абвясьціў сухую галадоўку 11 ліпеня, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газэт. 28 і 29 ліпеня яго не было на судзе, паведаміла дачка Аўтуховіча. Разам па справе праходзіць тузін асобаў. Праваабаронцы прызналі восем зь іх палітвязьнямі. Аўтуховіч у гэты лік не ўваходзіць. У падтрымку Аўтуховіча выступіў былы палітвязень, палітык Андрэй Саньнікаў. У сваім ФБ ён піша: «Гэтага кананічнага змагара за свабоду нейкія клеркі ад праваабароны адмаўляюцца прызнаваць палітвязнем… Мікола аддае сваё жыццё (без перабольшання), за краіну, за людзей, а нам прапануюць уважаць яго крымінальнікам і тэрарыстам… Мікалай Аўтуховіч – палітвязень! Калі і ёсць у Беларусі палітвязень нумар адзін, дык гэта менавіта Мікалай». Саньнікаў зазначае, што прызнанне Мікалая Аўтуховіча палітычным зьняволеным залежыць усяго ад двух чалавек, прадстаўнікоў найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі Беларускага Хельсінкскага Камітэта і «Вясны» Алег Гулака і Паўла Сапелкі. Па стане на 31 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1257 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя