Працягваюцца здзекі з палітвязняў у гарадзенскай турме. Яшчэ аднаго з фігурантаў “справы Аўтуховіча” Уладзіміра Гундара, інваліда, які не мае нагі, пакаралі 6 суткамі карцара.

Прычына нібыта ў тым, што Гундар «няправільна» называе свае звесткі ў час праверак у гарадзенскай турме, дзе ўтрымліваюць абвінавачаных і праходзіць суд. У час праверак, якія ладзіць адміністрацыя папраўчай установы, зняволеныя мусяць называць сваё імя, артыкул, тэрмін пакарання і інфармацыю пра схільнасць да экстрэмізму (калі чалавек пастаўлены на ўлік).

Месяц таму Гундар быў пакараны 10 суткамі карцара, дзе трымаў сухую галадоўку. Тады вязня пакаралі за пратэст супраць праверак перад судовымі пасяджэннямі: усіх вязняў адміністрацыя турмы прымушае распранацца і праходзіць «рамку», нязгодных распранаюць сілай.

Нагадаем, нядаўна 7 сутак карцара атрымала хворая на анкалогію пенсіянерка Галіна Дзербыш. Яе таксама пакаралі за пратэсты супраць прымусовага распранання ў час праверак перад пасяджэннямі.