Прыйшла інфармацыя, што пасля пратэсту пракурора дзвюм сёстрам з Гародні замянілі «хатнюю хімію» на калонію.
Раней сясцёр незаконна засудзілі на 3 і 3,5 года «хатняй хіміі» па справе аб дэманстрацыі ў верасні 2020 года. Аднак, на думку пракурора, суд не ўлічыў, што жанчыны ў счэпцы ўступалі ў супрацьборства з сілавікамі. У выніку ён падаў пратэст на ранейшы прысуд.

Няма сумневу, што гаворка ідзе пра сясцёр Жанну Захаркевіч і Надзею Сцепанцову, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз некаторы час пасля абвяшчэння прысуду.

Як паведамляе Генпракуратура, суд Ленінскага раёна звінаваціў жанчын паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК і прысудзіў ім абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію») на тэрмін 3 гады і 3 гады і 6 месяцаў адпаведна.

Намеснік генпракурора падаў пратэст на гэты прысуд. На яго думку, суд не ўлічыў, што жанчыны, калі стаялі ў счэпцы, уступалі ў супрацьборства з сілавікамі; пры гэтым нібыта адна выкрыквала абразы на адрас міліцыянта, а іншая нават ударыла аднаго з сілавікоў.

У выніку па рашэнні новага “суда” жанчынам змянілі пакаранне на пазбаўленне волі тэрмінам на 2 гады і 2 гады і 6 месяцаў адпаведна.