На сайце гарадзенскага абласнога суда з’явілася інфармацыя пра пачатак разгляду крымінальнай справы супраць журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына.

Працэс мусіць пачацца 15 жніўня. Разглядаць гэтую справу прызначаны Раманоўскі Валерый Яцэнтавіч. Застаецца невядомым фармат разгляду: адкрыты ці закрыты працэс плануецца.

Нагадаем, што Івашына абвінавачваюць паводле 2 артыкулаў КК РБ: ч.1 арт. 356 («здрада дзяржаве») і арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў ворганаў унутраных спраў). Дэталі абвінавачання таксама невядомыя, бо УКДБ па Гарадзенскай вобласці прымусіў усіх датычных даць абяцанне неразгалошвання матар’ялаў справы. Аднак у сакавіку бягучага году дзяржаўныя прапагандысты прыадкрылі таямніцу, заявіўшы ў сваіх відэа-сюжэтах пра абвінавачанне ў працы Івашына на ўкраінскую выведку, збор інфармацыі для замежных агентаў і прадстаўнікоў амбасады Украіны ў Беларусі. Але прапагандысты не ўказалі, адкуль гарадзенскі журналіст мог узяць інфармацыю, якая б зацікавіла замежныя службы выведкі, бо Івашын ніколі не хаваў, што збірае інфармацыю, датычную пытанняў нацыянальнай бяспекі Беларусі з адкрытых крыніцаў.

Нагадаем таксама, што Дзяніс Івашын з’яўляецца OSINT-выведнікам і валанцёрам міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm і пазаштатным журналістам рэспубліканскага выдання «Новы Час».