Сваякам стала вядома пра стан зьняволенага ваўкавыскага прадпрымальніка. Ён пачаў піць, аднак адчувае сябе яшчэ вельмі кепска.

Мікола Аўтуховіч пачаў піць 1 жніўня, на 22-і дзень ад пачатку «сухой галадоўкі». У той жа дзень яму паставілі кропельніцу, іх ставяць цяпер штодня. Таксама ён пачаў ужываць дзіцячае харчаваньне.

Аднак, як перадаў сваякам вязень, ягоны страўнік не запрацаваў.

27 ліпеня яму правялі мэдычнае абсьледаваньне. Яно выявіла, што ў вязьня пачалі разбурацца ныркі, ёсьць зьмяненьні ва ўнутраных органах, моцнае абязводжваньне арганізма. У Аўтуховіча падвышаны цукар у крыві, нізкі ціск, падвышаны пульс, моцная слабасьць, кружыцца галава, ад яго ідзе пах ацэтону, запалі вочы.

Ён сам можа хадзіць, але перасоўваецца ледзь-ледзь. Урэшце вязень здолеў прыйсьці на сустрэчу з адвакатам. Раней ён адмаўляўся ад сустрэчы, бо ня меў сіл дайсьці.

Напрыканцы галадоўкі яму перадалі ліст ад маці. Імаверна, гэта і стала прычынай спыненьня галадаваньня, аднак дакладнай прычыны Аўтуховіч не назваў. Яшчэ адзін ліст ад маці яму перадалі ўчора.

Міколу Аўтуховіча дагэтуль не прызналі палітвязьнем. За кратамі ён больш як паўтара года. Цяпер над ім ідзе суд за «тэрарызм». Усяго ў «справе Аўтуховіча» 12 фігурантаў.