Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч Янка Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 году ў Адэсе.

Бацька Янкі Брыля, Антон Данілавіч Брыль, паходзіў з вёскі Загор’е (Загора), што на Наваградчыне, але ў 1914 годзе апынуўся ў Адэсе, дзе ўладкаваўся на працу чыгуначнікам. Там жа ў Адэсе нарадзіўся і будучы пісьменнік. У 1922 годзе сям’я вярнулася на радзіму бацькі ў Заходнюю Беларусь, у родную Загору. У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, потым паступіў у Наваградскую гімназію, але матэрыяльныя абставіны не дазволілі яму працягнуць вучобу. 

Вельмі рана ў юнака прачнулася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, апавяданнях. У выніку ў 1938 годзе на старонках папулярнага ў свой час заходнебеларускага часопіса “Шлях моладзі” ўбачылі свет яго першыя літаратурныя спробы. Акрамя літаратурных здольнасцяў Янка Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы расейскіх і польскіх аўтараў. 

У 1939 годзе Янка Брыль быў прызваны ў польскую армію, якая першай спазнала гітлераўскую навалу. Пасля вызвалення Беларусі ад немцаў у 1944 годзе Янка Брыль пераехаў у Менск. Двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Першы зборнік твораў пісьменніка “Апавяданні” быў надрукаваны ў 1946 годзе. Услед за ім убачылі свет “Нёманскія казакі” (1947), “Вераснёвая рунь” (1949), “Ліпка і клёнік” (1949), “Зялёная школа” (1951) і аповесць “У Забалоцці днее” (1951), за якую ў 1952 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. За кнігу апавяданняў, замалёвак, нарысаў “Працяг размовы” ў 1963 годзе Я. Брылю была прысуджана Літаратурная прэмія імя Я. Коласа, а ў 1982 годзе за аповесць “Золак, убачаны здалёк” – Дзяржаўная прэмія Беларусі. У рамане “Птушкі і гнёзды” (1964), які ўвабраў у сябе матэрыялы неапублікаваных аповесцей, Брыль адным з першых паказаў вайну як супярэчлівую з’яву, увёў у беларускую ваенную прозу тэму духоўных каштоўнасцяў і праблему выбару арыенціраў. 

Янка Брыль, 1958 год

Янка Брыль з’яўляецца адным з аўтараў кнігі “Я з вогненнай вёскі” (1975), напісанай супольна з А. Адамовічам і У. Калеснікам, у якой сабраны ўспаміны людзей, ацалелых падчас карных аперацый фашыстаў, у выніку якіх былі спалены многія беларускія вёскі разам з іх жыхарамі. Брыль вядомы як перакладчык твораў Л. Талстога, А. Чэхава, І. Крылова, П. Бажова, Г. Траяпольскага, А. Даўжэнкі, М. Канапніцкай, Я. Івашкевіча, Э. Ажэшкі, Б. Пруса і іншых. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету. 

Уладзімір Калеснік і Янка Брыль

У 1981 годзе Янку Брылю было нададзена званне народнага пісьменніка Беларусі, з 1994 года ён – Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Янка Брыль быў старшынём Беларускага аддзялення таварыства “СССР – Канада”, сябрам Еўрапейскага аб’яднання пісьменнікаў, Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра. У 1986 годзе быў сярод28 аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія накіравалі на імя генеральнага сакратара ЦК КПСС адкрыты ліст з пратэстам супраць дыскрымінацыі беларускай мовы на яе гістарычных абшарах.

Памёр Янка Брыль 25 ліпеня 2006 году ў Менску. Пахаваны ў Калодзішчах пад Менскам. Сябрамі ТБМ быў арганізаваны збор подпісаў з мэтай адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар пісьменніка па праспекце Машэрава ў Менску і надання яго імя адной з вуліц сталіцы. У выніку ўсталявана мемарыяльная дошка на доме, у якім Янка Брыль жыў апошнія дванаццаць гадоў.

З ініцыятывы ТБМ быў выдадзены мастацкі канверт у гонар пісьменніка. 26 верасня 2007 года імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў менскім мікрараёне Міхалова, а 26 жніўня 2009 года яго імя наданае адной з вуліц Гдыні (Польшча).