Вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін за кратамі сустракае свой чарговы дзень нараджэння. Сёння яму спаўняецца 57 гадоў.

Арыштаваны Пушкін быў у сакавіку 2021 года і правёў у СІЗА цэлы год. 30 сакавіка 2022 году мастак быў асуджаны на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў». Падставай для абвінавачанняў сталі карціны з цыкла «Беларускі супраціў», якія былі вывешаны ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця і мастацкі перформанс, які ён правёў ва Украіне.

У красавіку Алеся Пушкіна адправілі ў папраўчую калонію №22 у Івацэвіцкі раён («Воўчыя норы»). Лісты і весткі ад яго прыходзяць надзвычай рэдка.