
У Беластоку ў рамках Міжнародных акцый, прымеркаваных да другіх угодкаў так званых прэзідэнцкіх выбараў, прайшоў масавы Марш годнасці. Каля 500 чалавек правялі невялікі мітынг у цэнтры старога гораду на Рынку Касцюшкі. Быў зачытаны ліст падтрымкі маршалка Падляшскага ваяводства Артура Касіцкага.
Потым з вялізным бел-чырвона-белым сцягам людзі рушылі шэсцем па вуліцах Беластоку. Шэсце з морам нацыянальнай сімволікі дайшло да вуліцы Электрычнай, да будынку кансуляту РБ. Там працягнуліся выступы, а пасля адбыўся музычны канцэрт, у якім выступілі Кацярына Ваданосава і Ігар Палынскі.




























