Урмас Рэйнсалу, кіраўнік МЗС Эстоніі, заявіў, што юрыдычную адказнасць за вайну і злачынствы, якія зладзіла расейскае войска на тэрыторыі Украіны, павінна несці вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва РФ, у тым ліку Уладзімір Пуцін.

Урмас Рэйнсалу падчас наведвання Украіны сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім і кіраўніцтвам краіны, піша “Еўрапейская праўда”. Была дасягнутая дамоўленасць, што Эстонія дапаможа Украіне дасягнуць міжнароднага пагаднення аб тым, што палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Расеі павінна панесці не толькі ваенную, але і юрыдычную адказнасць.

Кіраўнік МЗС Эстоніі сказаў: “Гэта азначае цеснае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, дасягненне міжнародных пагадненняў. Некаторыя праекты дамоваў Украіна падрыхтавала. Мы гэта падтрымаем”.

Рэйнсалу адзначыў, што пытанне палягае ў тым, ці атрымаецца даставіць у суд вышэйшых кіраўнікоў Расеі, напрыклад Пуціна: “Але ясна, што дыпламатычная недатыкальнасць кіраўніка дзяржавы не распаўсюджваецца на асобаў, якія праводзяць генацыд. Чалавецтву патрэбны новы Нюрнберг”.

Рэйнсалу падкрэсліў, што іншым краінам варта зразумець, што хутка вярнуцца да нармальных адносінаў з Расеяй і Пуціным не атрымаецца, бо гаворка не ідзе пра звычайную сітуацыю, у якой адносіны могуць нармалізавацца.

“Гэта генацыд, і зносіны на звыклым высокім уроўні з палітыкамі, якія праводзяць генацыд, не можа быць новай нармальнасцю. Таму патрэбная канцэпцыя юрыдычнай адказнасці, яна павінна вызначаць правілы нашых стасункаў або іх адсутнасць з Расеяй”, — заявіў Рэйнсалу.

Больш за 40 краін у чэрвені падтрымалі скаргу Украіны аб генацыдзе ў Міжнародны суд: «Расея павінна адказваць за свае дзеянні. У сувязі з гэтым мы лічым, што парушэнне Расеяй міжнароднага права цягне за сабой міжнародную адказнасць краіны, а шкода, зазнаная Украінай з прычыны парушэнняў Расеяй міжнароднага права, павінна быць неадкладна пакрытая, у адпаведнасці з прынцыпам дзяржаўнай адказнасці з боку Расеі цалкам».