У Беларусі 58 груп грамадзян прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі, 448 чалавек трапілі ў спіс тых, хто мае дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці”. Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Міхаіл Бедункевіч 9 жніўня ў «СБ» падвёў вынікі двухгадовага здушэння пратэстаў у краіне.
Большасць злачынстваў «пратэснай скіраванасці», кажа Бедункевіч, «здзейсненыя з выкарыстаннем інтэрнэту». У 2020-2021 гадах было 58% такіх «злачынстваў», а ў 2022 годзе — 83%.

Экстрэмісцкімі фармаваннямі з 2021 года сілавыя структуры прызналі 58 груп грамадзян.

372 інтэрнэт-рэсурсы прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

У той жа час вызначана толькі 160 уладальнікаў і адміністратараў «дэструктыўных» телеграм-каналаў. Пра тое, колькі з іх былі прыцягнутыя да адказнасці, — не паведамляецца.

«У выніку праведзенай працы зафіксавана амаль 500 тысяч адпісак ад асноўных дэструктыўных тэлеграм-каналаў», — паведамляе Бедункевіч.

«На жаль, спецыяльная ваенная аперацыя ва Украіне паслужыла штуршком для росту колькасці падпісчыкаў у многіх телеграм-каналах, у тым ліку і дэструктыўнай скіраванасці. Аднак падпісчыкам не варта забываць, што ўсе дэструктыўныя тэлеграм-каналы і інтэрнэт-рэсурсы па-ранейшаму знаходзяцца пад кантролем сілавікоў», — дадае ён.

Бедункевіч запэўнівае, што сілавікамі ўстаноўлена больш за 100 удзельнікаў фармавання BYPOL, якія «дыстанцыйна, з дапамогай інтэрнэту, прайшлі сумоўе і атрымалі індывідуальныя заданні ад прадстаўнікоў экстрэмісцкага фармавання Мабілізацыйны план «Перамога» з мэтай арганізацыі дыверсій і тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

За два гады, паводле інфармацыі Бедункевіча, сілавікі выявілі «як мінімум 12 рэзанансных фактаў фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці на тэрыторыі нашай краіны».

«Значная частка асоб, якія ўчынілі названыя злачынствы, знаходзяцца па-за межамі краіны. Звыш 79% з тых, што знаходзяцца ў вышуку, выехалі за мяжу», — канстатуе Бедункевіч.