З вязняў калоній патрабуюць выплаты падатку. Гутарка ідзе пра падатак на першую кватэру, неабходнасць выплаты якога з’явілася пасля прыняцця новага Падатковага кодэкса. Апавяшчэнні на выплату сталі прыходзіць, пачынаючы з ліпеня і выявілі чарговую праблему — асуджаныя папраўчых калоній ад выплаты падатку не вызваленыя (у адрозненне ад вайскоўцаў), а заплаціць няма магчымасці. Падатак складае 0,1% ад кошту аднаго квадратнага метра жылля.

Разліковы кошт адрозніваецца ад рэгіёна, у сярэднім новы падатак у Менску складзе 50-60 рублёў у год, у рэгіёнах — у два разы менш. Сума выглядае невялікай, але ў беларускіх папраўчых калоніях вязні зарабляюць у сярэднім ад 4 да 6 рублёў у месяц. Акрамя таго, зняволеныя могуць мець грошы на рахунках і выкарыстоўваць іх для пакупкі прадуктаў у турэмнай краме — некалькі базавых велічынь у месяц у залежнасці ад рэжыму і наяўнасці пазоваў — але ці можна будзе з рахунку аплаціць падатак, невядома.