Суд Ленінскага раёна Гародні вынес суровы прысуд 21-гадоваму Аляксею Багдзею. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (арт. 293 КК). Справу разглядаў і аформіў карны вырак суддзя Максім Галубовіч.

З матэрыялаў абвінавачання вядома, што Аляксей у жніўні 2020 года ў тэлеграм-канале «Гародня для жыцця» размяшчаў тэкставыя паведамленні, якія змяшчалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў, пісаў пра выраб кактэйляў «Молатава», заклікаў да звяржэння дзеючай улады, прымянення гвалту, блакіроўкі праездаў, аказання супраціву прадстаўнікам улады. У адпаведнасці з высновамі лінгвістычнай экспертызы, у паведамленнях «маюцца выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў і дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды адной групы па адносінах да іншай групы асоб».