На Гарадзеншчыне ўлады завяршаюць “зачыстку” усіх школаў на мовах нацыянальных меншасцяў. 12 жніўня стала ведама, што ліквідавана літоўская сярэдняя школа ў вёсцы Пеляса (Воранаўскі раён), дзе кампактна пражывае летувіскае насельніцтва. Прычым закрыта гэтая школа з асаблівым цынізмам. Даручана гэта было аформіць МНС. Нібыта школу перад пачаткам навучальнага году праверыла інспекцыя Міністэрства надзвычайных сітуацый. Пры правядзенні праверкі ў школе “выявілі” шэраг парушэнняў.

Афіцыйная фармулёўка МНС такая: “Не обеспечена безопасная и беспрепятственная эвакуация детей и педагогов из помещения школы в случае чрезвычайной ситуации, не обеспечена надлежащая противодымная защита и защита от распространения огня. Кроме того, проведено перепрофилирование помещений по функциональному назначению. Склады перепрофилированы под учебные классы и мастерские», — расказала афіцыйная прадстаўніца абласнога ўпраўлення Ольга Адиева.

На гэтай фармальнай падставе школу і закрываюць. Хоць нават дзецям зразумела, што ліквідаваная літоўская школа зараз па палітычных матывах.

Русіфікацыя школ у Беларусі працягваецца, гадамі знішчаліся беларускія школы. А сёлета, у “год исторической памяти” радыкальна ўзяліся за школы нацыянальных меншасцяў. Так былі ліквідаваныя школы з польскай мовай навучання ў Гародні і Ваўкавыску, цяпер узяліся знішчаць літоўскамоўныя.