Былы гарадзенскі ратавальнік Аляксандр Курганскі засуджаны да 1,5 года калоніі і штрафу 1600 рублёў за лайк пад каментаром пра смерць супрацоўніка КГБ Дзмітрыя Федасюка, які загінуў пасля ўварвання ў кватэру Андрэя Зельцэра.

Суд палічыў лайк «распальваннем сацыяльнай варожасці» і «абразай прадстаўніка ўлады».

Аляксандр Курганскі – былы камандзір часткі МНС №7 у Гародні. Па ратавальнай прафесіі працаваў больш 15 гадоў.

Крымінальную справу “разглядаў” суддзя Аляксандр Козел, які прызнаў Курганскага вінаватым паводле артыкулу 369 КК РБ. Пракурор запытваў для падсуднага ажно 4 гады калоніі. Козел прысудзіў 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф на 50 базавых велічынь.