На працэс заявіліся дзяржаўныя прагандысты, якія правакавалі маці Дзяніса Івашына – Людмілу Івашыну і прадстаўнікоў Еўразвязу, якія прыехалі да суду на працэс. Вядома, што на судовы працэс хацелі трапіць прадстаўнікі Еўрапейскага саюзу ў Беларусі і дыппрадстаўніц Брытаніі, Чэхіі, Аўстрыі.

Стала ведама, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Суд спаслаўся на тое, што будуць разглядаць “дзяржаўныя таямніцы”.

***

15 жніўня ў Гарадзенскім абласным судзе пачынаецца судовы працэс над журналістам Дзянісам Івашыным.

КГБ абвінаваціў Дзяніса ў супрацы з украінскай выведкай. Спачатку журналіст праходзіў падазраваным паводле артыкулу «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў». Пазней яму выставілі абвінавачванне яшчэ і паводле ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве». На падставе гэтага артыкулу журналісту пагражае ад 7 да 15 гадоў няволі.

Судовы працэс будзе весці суддзя Валерый Раманоўскі.

Дзяніс Івашын – гарадзенскі журналіст, вядомы расследаваннямі пра ўдзел сілавікоў Беларусі ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў складзе прарасейскіх фармаванняў, а таксама пра лёс чальцоў «Беркуту», якія ўцяклі з Украіны і служаць у ОМОНе РБ.