
Ужо пасля першага дня судовага працэсу над журналістам Дзянісам Івашыным, дзяржаўная прапаганда выпусціла хлуслівы відэасюжэт у якім палівае брудам і журналіста і заходніх дыпламатаў, якія прыехалі на працэс.
Гэты відэасюжэт распаўсюджваецца па ўсіх уладных медыях.
КГБ абвінаваціў Дзяніса ў супрацы з украінскай выведкай. Спачатку журналіст праходзіў падазраваным паводле артыкулу «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў». Пазней яму выставілі абвінавачванне яшчэ і паводле ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве». На падставе гэтага артыкулу журналісту пагражае ад 7 да 15 гадоў няволі.
Судовы працэс вядзе суддзя Валерый Раманоўскі.
Дзяніс Івашын – гарадзенскі журналіст, вядомы расследаваннямі пра ўдзел сілавікоў Беларусі ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў складзе прарасейскіх фармаванняў, а таксама пра лёс чальцоў «Беркуту», якія ўцяклі з Украіны і служаць у ОМОНе РБ. Усю інфармацыю Дзяніс Івашын браў з адкрытых крыніц, а ўсе свае артыкулы таксама публікаваў адкрыта.