фота раённай газеты Перамога”

Новы навучальны год сярэднія школы Дзятлава сустрэнуць навінкай, якая спадабаецца далёка не ўсім. Цяпер уваход у школы будзе праз турнікеты. Адной з першых усталявала гэтыя праходныя механізмы Дзятлаўская школа №3.

Школьны двор зараз агароджаны па перыметры, на сёння адкрыты толькі адзін уваход, што захаваецца і ў далейшым. Згодна з патрабаваннямі да ўстановаў адукацыі, дзе колькасць дзяцей перавышае 500 чалавек, з гэтага года на цэнтральным уваходзе ў будынак школы будзе працаваць электронная прапускная сістэма: педагогі і дзеці будуць праходзіць праз турнікет па пропусках. Навучэнцы і педагогі з 1 верасня будуць праходзіць у навучальную ўстанову па электронных картках, іх замоўлена 860 штук.

Ці падвысіць такі прапускны рэжым бяспеку – невядома і досыць сумнеўна. У выпадку, прыкладам, пажару, такія турнікеты створаць дадатковыя праблемы пры эвакуацыі. Нідзе ў дзяржаўных статыстыках не паведамляецца пра нейкі рост злачыннасці ці пагрозы школьнай бяспецы. Хутчэй такая мера ёсць чарговай праявай паліцэйшчыны і змушвання з дзяцінства дзяцей і будучых дарослых грамадзян дзяржавы да “парадку” і стаяння ў чарзе.

 

фота раённай газеты Перамога”