У Гародні затрымалі Сяргея Сівука.

Як высветлілі праваабаронцы, затрыманне адбылося 15 жніўня прыкладна а 11-й гадзіне раніцы. У кватэру, у якой мужчына жыве разам з жонкай і сынам, пачалі грукацца сілавікі. Па словах родных, іх было прыкладна 7-8 чалавек. Адзін быў у цывільным. Меркавана, участковы. Астатнія ў масках, броніках, цёмна-зялёных шлемах. У аднаго з іх у руках быў велізарны молат. Мабыць, на выпадак, калі дзверы сілавікам вырашылі б не адчыняць.

Дома знаходзіўся сын і жонка Сяргея Сівука. Самога мужчыны (яму 53 гады) дома не было, ён выйшаў у краму разам з сабакам. Са слоў родных, асабіста да іх фізічнага гвалту сілавікі не ўжывалі. Толькі крычалі. Спачатку высветлілі, дзе мужчына, а калі тыя сказалі, што ён выйшаў у краму, праверылі тэлефоны, а потым прымусілі абодвух перайсці ў іншы пакой і не высоўвацца. Мяркуючы па гуках, якія даносіліся ў кватэру з пад’езда, калі Сяргей Сівук прыкладна праз 40 хвілін падышоў да свайго пад’езда, яго павалілі тварам у зямлю, пасля чаго завялі ў кватэру прыкладна на паўхвіліны. Дома ў яго паспрабавалі дазнацца пароль ад тэлефона, а калі мужчына адмовіўся яго называць, без усялякіх тлумачэнняў вывелі з кватэры.

Прыкладна 5 гадзін родныя не маглі высветліць, куды павезлі мужчыну. У выніку Сяргей знайшоўся ў Ленінскім РАУС. Там удалося высветліць, што Сяргея затрымалі нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, і што ў чацвер — 18 жніўня — яго будуць судзіць за гэта паводле адміністрацыйнага артыкулу. Якога дакладна — не паведамілі. Па непацвержданых дадзеных, цяпер Сяргей Сівук знаходзіцца ў гарадзенскім ІЧУ.