17 жніўня праходзіць другое паседжаньне закрытага працэсу над журналістам Дзянісам Івашыным у Гародні. Сталі вядомыя падрабязнасьці першага дня суду: вязень выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне» і пасьпеў коратка перамовіцца з маці.

Маці Дзяніса Людміла Івашына расказала пра «момант, які застанецца самай яркай плямай на ўсё жыцьцё». 15 жніўня яна прыйшла да будынку абласнога суду загадзя ў спадзеве ўбачыць сына. Неўзабаве яна здалёк заўважыла, як да бакавога ўваходу пад’ехала службовая машына і празь нейкі час адтуль вывелі Дзяніса.

«Як бы апісаць свой стан… Я адключылася цалкам, я бачыла толькі Дзяніса. Я крычу: „Сынок, я тут!“ Ён пачуў і адказаў: „Мама, у мяне ўсё добра! Не перажывай! Мы пераможам“. Я далей крычу яму: „Трымайся, усё будзе добра!“ Гэта такая эўфарыя. Яго рэзка нахілілі ўніз, рукі за сьпіну. Я яшчэ закрычала ім: „Больш акуратна там“, у мяне адключыліся ўсе рэфлексы (самазахаваньня)», — успамінае Людміла Івашына.

Гэта першы раз, калі яна здолела ўбачыць сына амаль за паўтара года. Яна хвалюецца, што той выглядаў надта бледным, але агулам амаль не зьмяніўся за час зьняволеньня.

Калі жанчына падышла пад галоўны ўваход будынку суду, то ўбачыла групу падтрымкі Дзяніса. Незнаёмыя людзі загаварылі зь ёй на замежнай мове. Аказалася, што гэта дыпляматы эўрапейскіх краін, якіх яна не чакала ўбачыць.

«Адна зь іх стала гаварыць на расейскай мове з акцэнтам: „Нас тут чацьвёра, але мы прадстаўляем увесь Эўразьвяз, мы сочым за кожным крокам лёсу Дзяніса. Мы вас вельмі падтрымліваем“. Гэта настолькі прыемна, гэта дае крылы», — пераказвае маці падсуднага.

Потым да іх падышлі супрацоўнікі дзяржаўнай тэлевізіі. Людміла Івашына расказала, што ў апублікаваны запіс трапіла ня ўся размова. Прыкладам, маці на пачатку размовы гучна прадставілася. На пытаньне супрацоўніцы, ці ёй ня сорамна за сына, яна адказала: «Я вельмі ганаруся сваім сынам і ганаруся, што ён не такі, як вы».

Людміла Івашына ўжо пісала скаргі на дзяржаўную супрацоўніцу Ксенію Лебедзеву, бо тая раней паказала ў сваім сюжэце кватэру Івашыных. У дакумэнтах на ператрус пазначана, што сілавікі не вялі відэаздымку. Адкуль у сюжэце ўзяліся кадры прыватнага жытла, загадка. Маці журналіста, зь ейных словаў, прыйшлі адпіскі з тэлевізіі і пракуратуры, без тлумачэньняў у адказ на ейнае пытаньне.

Таксама стала вядома, што Дзяніс па-за паседжаньнем суду ў калідоры выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!». Гэта добра чуваць на дзяржаўным відэазапісе на самым пачатку:

Калі блізкія стаялі ў калідоры суду, працэс ужо пачаўся, то пачулі гул. Аказалася, што гэта працуе «глушылка», каб ніхто на калідоры ня мог пачуць, што гавораць на закрытым працэсе ў залі.