На Гарадзеншчыне працягваюцца традыцыйныя і не зусім аграфэсты. Нядаўна ў Іўі гулялі на Свяце памідора, у Капцёўцы славілі вяндліну, у Гародні неўзабаве пройдзе фэст кавуна. А ў Карэліцкім раёне ў мястэчку Цырын 20 жніўня адбудзецца бульбяное свята. Толькі названае яно чамусьці па-чужынску – “Картофельный разгуляй”.

Сорамна, што ў слаўным гістарычным мястэчку Цырын, дзе надзвычай мілагучная беларуская мова, вельмі блізкая да асноўнай літаратурнай, на радзіме філаматаў Яна Чачота і Ігната Дамейкі пройдуць конкурсы пад расейскімі назвамі, кшталту “Картошка-богатырь” ды “Овощной разгуляй”.

Работнікі культуры Карэліцкага раёну так стараліся ў сваёй русіфікацыі, што нават слова “поварёнок” на афішы напісалі як “поворёнок” (хіба ад расейскага слова “вор”-?). Куды толькі глядзіць мясцовы аддзел ідэалогіі?