Палітвязня Уладзіміра Гундара, які сядзіць у гарадзенскай турме, зноў адправяць у карцар. Пра гэта піша яго дачка Інга. Яе бацьку ўжо аб’явілі пра 7 сутак карцара, але невядома, калі туды адправяць.

„Мажлiва, гэта адбудзецца, калi з карцара выпусцяць Вольгу Маёраву, бо зараз яна знаходзiцца там”, — дадае дачка. Папярэдні раз яго адпраўлялі ў карцар за тое, што на праверках ён адмаўляецца прызнаваць сябе „схільным да экстрэмізму”. Фігурант „справы Аўтуховіча” Уладзімір Гундар — інвалід (у яго ампутаваная нага).

У траўні 2021-га ён ужо быў асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму за „гвалт альбо пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі” (так кваліфікавалі яго дзеянні падчас затрымання ў канцы 2020-га, хаця Гундар заявіў пра збіццё).

Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Гундара палітвязнем. Суд над „групай Аўтуховіча” праходзіць у гродзенскай турме. Гундара абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КК РБ — „стварэнне злачыннай арганізацыі” (ч. 1 арт. 285 КК) і „замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам” (ч. 2 арт. 357 КК). Сваю віну ён не прызнае.

„Следства сшыла справу белымі ніткамі”, — заявіў палітвязень. Ён трымаў за кратамі сухую галадоўку, абараняючы свае правы і пратэстуючы супраць здзекаў.