50 жыхароў Слоніма звярнуліся да мясцовых раённых уладаў са зваротам наконт пашырэння ўжывання беларускай мовы.

У звароце гаворыцца наступнае:

“У адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у нашай краіне дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская мовы. 3 гэтага вынікае, што яны маюць роўны статус. Аднак на практыцы, і найперш у заканадаўчай сферы, беларуская мова ігнаруецца, што вядзе да парушэння моўных правоў грамадзян у гэтай галіне. У сувязі з гэтым мы накіроўваем свае подпісы з прапановай прымаць усе законы і нарматыўна прававыя акты ў форме рашэнняў адпаведна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на дзвюх дзяржаўных мовах (ці толькі на беларускай мове, мове тытульнай нацыі, калі гэта эканамічна выгадней)”.

Днямі грамадзяне атрымалі адказ на свой зварот. Яго падпісаў старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання Алег Таргонскі.

У адказе за подпісам старшыні Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Алега Таргонскага паведамляецца: “На Ваш зварот наконт прапановы прыняцця нарматыўных прававых актаў на беларускай мове паведамляем наступнае. Парадак прыняцця нарматыўных прававых актаў рэгламентуецца артыкулам 54 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2018 №130-3 “О нормативных правовых актах”.

Разам з тым, пытанне прыняцця рашэнняў Слонімскага раённага Савета дэпутатаў на беларускай мове будзе разгледжана на чарговым паседжанні сесіі Савета дэпутатаў у верасні 2022 года. Аб прынятым рашэнні Вам будзе даведзена дадаткова”.