У Гародні пачаўся чарговы судовы, а дакладней карны працэс. На гэты раз над журналістам Дзянісам Івашыным. Нават па мерках масавых пераследу і рэпрэсій ў Беларусі цягам двух астатніх гадоў, працэс гэты досыць незвычайны. Вінавацяць публіцыста не больш, ні менш, а ў здрадзе дзяржаве з-за нібыта шпіянажу на карысць Украіны.

Сутнасць гэтай крымінальнай справы наступная. КГБ звінаваціў Дзяніса ў супрацы з украінскай выведкай. Спачатку журналіст праходзіў падазраваным паводле артыкулу «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў». Пазней яму выставілі абвінавачванне яшчэ і паводле часткі 1 артыкулу 356 Крымінальнага Кодэксу «Здрада дзяржаве». На падставе гэтага артыкулу журналісту пагражае ад 7 да 15 гадоў турэмнай няволі. Што ж было насамрэч у яго дзейнасці? Гарадзенскі журналіст вядомы расследаваннямі пра ўдзел сілавікоў Беларусі ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў складзе прарасейскіх фармаванняў, а таксама выкрываннем асобаў удзельнікаў спецпадраздзялення «Беркут», якія пасля вядомых падзей 2014 года ўцяклі з Украіны і сталі служыць у ОМОНе Беларусі.

Івашына імкнуліся пераследваць яшчэ раней. Варта прыгадаць пазоў у суд адыёзных уласнікаў бізнеса, які быў створаны ў раёне Курапатаў – рэстарацыі “Поедем – поедим”. Той працэс для ўплывовых людзей з грашыма, набліжаных да ўлады, скончыўся нічым. Фігуранты расследавання з некалькіх структур так і не змаглі прыцягнуць Дзяніса да крымінальнай адказнасці, паколькі ягоная доказная факталагічныя база была складзена абсалютна дакладна і бездакорна. Грунтоўна расследаваў Івашын і незаконную забудову ў Брэсце ў старым горадзе, пры якой здзяйсняліся шматлікія махінацыі і карупцыйныя схемы. Усё гэта і іншае яму не маглі дараваць.

Дзяніса Івашына асабіста я ведаю гадоў дваццаць пяць. Памятаю яго яшчэ зусім юнаком, гэткім летуценнікам, захопленым сваім горадам, яго гісторыяй, маладым чалавекам, які прагнуў ведаў і хутка іх накапліваў, самаадукоўваўся, як кажуць, цэлы час рос. І ўрэшце стаў па-сутнасці выдатным журналістам-расследвальнікам. Быў рэдактарам беларускай службы выведніцкай валанцёрскай супольнасці “Інформнапалм”, друкаваў расследаванні пераважна ў газеце «Новы Час».

Абсурдовасць усёй сфабрыкаванай крымінальнай справы падкрэсліваецца найперш тымі фактамі, што ўсе свае журналісцкія расследаванні Дзяніс Івашын рабіў публічна, нават не хаваючыся за псеўданімамі ці нечым іншым. Браў інфармацыю і звесткі толькі з адкрытых крыніцаў, а вынікі расследванняў абнародваў. Гэта былі надзвычай вострыя публікацыі, а іх смеласць уражвала нават ворагаў журналіста. Пры тым Дзяніс Івашын нікуды не збіраўся выязджаць з Беларусі і працягваў выконваць сваю высакародную місію, пакуль заставаўся на сабодзе і меў магчымасць працаваць. Напярэдадні затрымання і змяшчэння ў следчы ізалятар Івашын паведамляў пра тое, што ім вельмі цікавяцца сілавікі. На адрас ягонага пражывання прыходзілі невядомыя, якія збіралі інфармацыю ў суседзяў. Нягледзячы на розныя сігналы пра небяспеку, ён працягваў заставацца на радзіме. Яго арышт быў у такой сітуацыі непазбежным. Журналіста вырвалі з маладой сям’і і кінулі за краты, спрабуючы змусіць прызнаць сваю віну. Але ні на якія здзелкі з так званым следствам ён не пайшоў. Па-сутнасці зараз ён з’яўляецца не толькі палітычным вязнем, а і ваеннапалонным, як называюць яго родныя людзі.

Многія ў свеце цяпер захапляюцца (і слушна!) балгарскім журналістам Хрыста Грозевым, які стварыў унікальную каманду расследвальнікаў «Bellingcat». Івашын – наш беларускі Грозеў і нават больш, бо ён – герой-адзіночка. А прынцыповасць і мужнасць Дзяніса вартыя глыбокай павагі і проста захаплення. Зразумела, што гэты судовы працэс скончыцца жорсткім турэмным прысудам. Але дыскрэдытаваць сумленнае імя Дзяніса Івашына ні людзям з пагонамі і ў мантыях, ні дзяржаўным прапагандыстам, якія ўзмоцнена паліваюць брудам журналіста, не ўдасца.

Уладзімір Хільмановіч