Кожны аўторак у 20:05 па беларускім часе (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма “Вясна”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека. 

Прэм’еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN)А таксама 98,1 FM для Гродна і 99,2 FM для Брэста.

(Анонсы папярэдніх выпускаў глядзіце тут).

Анонс праграмы на 23 жніўня:

Каментар эксперта: Беларусь хоча дэнансаваць Факультатыўны пратакол Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Што азначае кожнае з гэтых словаў, як гэта звязана са скаргамі беларусаў у ААН і якая тут сапраўдная матывацыя Беларусі? З усім гэтым разбіраемся разам з праваабаронцай “Вясны” Наталляй Сацункевіч:

“Беларусь хоча стварыць веласіпед — але ў дрэнным значэнні гэтага слова”.

Падзея:

  1. У Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча прыехала фотавыстава “Беларусь на целе”. Яна прысвечаная татуіроўкам, якія беларусы рабілі пасля падзей жніўня 2020. Тэмы: пакіданне дома і радзімы, зняволенне і вайна ва Украіне. А куратарка музея Паўліна Вітушчанка спадзяецца, што фотавыстава будзе папаўняцца новымі фота і надалей паедзе вандраваць па балтыйскіх краінах.

Бонус: Вольга Быкоўская распавядае, як вырашыла зрабіць тату з партрэтам Вітольда Ашурка.

  1. У Львове завяршылася фотавыстава “Кольори білоруської революції”, якая прысвечана палітвязням, чый лёс і зняволенне звязаны з Украінай.

“Адна украінка спытала ў мяне, што такое хатняя хімія”, — успамінае пра адкрыццё выставы валанцёрка Аксана.

Крымінальны пераслед: Пачаўся суд над палітзняволеным журналістам-расследавальнікам Дзянісам Івашыным. Аднак яго маці Людміла на судовыя пасяджэнні патрапіць не можа.