Гарадзенцу Ігару Банцэру прысудзілі чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Банцэра павінны былі вызваліць 19 жніўня, калі ён адбыў 15 сутак арышту. Але на волю ён так і не выйшаў. Паводле іншага пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэнне яму падоўжылі затрыманне. Выходныя ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, а ў панядзелак, 22 жніўня, у судзе Цэнтральнага раёну Менску яму “выпісалі” чарговы арышт.

Банцар раней неаднойчы заяўляў, што з’язджаць з Беларусі не хоча. Дзеля таго, каб застацца, ён гатовы сядзець у турме.

Ігар Банцэр быў затрыманы 4 жніўня ў Гародні, у яго кватэры сілавікі выбілі дзверы. Пасля гэтага яго павезлі ў Менск.

Перад арыштам у праўладным тэлеграм-канале было апублікавана “пакаяльнае відэа” з музыкам. У каментары да відэа паведамлялася: “вырашаецца пытанне аб пачынанні крымінальнай справы па артыкуле 130 КК Рэспублікі Беларусь за яго дзейнасць у сацыяльных сетках”. Хутчэй усяго гутарка ідзе пра распальванне рэлігійнай варожасці – Банцэр змясціў ў сваіх акаўнтах шэраг негатыўных допісаў пра праваслаўную царкву і каталіцкі касцёл.