23 жніўня Еўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму. Перадусім узгадваецца сумнавядомае падпісанне „Пакта Молатава-Рыбентропа”. Па гэтай дамове ў 1939 годзе Гітлер і Сталін пачалі крывавы падзел Еўропы. Ахвярамі таталітарных сістэм сталі мільёны людзей.

Гэты дзень называюцьу Еўропе яшчэ днём “чорнай стужкі”.

У гэты дзень у 1939 годзе ў Маскве быў падпісаны савецка-нямецкі пакт аб ненападзе (“Пакт Молатава-Рыбентропа”), сакрэтная частка якога прадугледжвала падзел Усходняй Еўропы на сферы ўплыву паміж гітлераўскай Нямеччынай і сталінскім СССР.

Праз некалькі дзён пасля падпісання дамовы Нямеччына напала на Польшчу, што сталася пачаткам Другой Сусветнай вайны. Неўзабаве ў вайну на баку Гітлера ўступіў СССР, захапіўшы Заходнюю Беларусь, Заходнюю Ўкраіну, краіны Балтыі, Бесарабію і напаўшы на Фінляндыю. У чэрвені 1941 году гітлераўская Нямеччына напала на СССР. Супрацьстаянне на ўсходнім фронце сталася найбольш крывавай часткай Другой Сусветнай вайны.

На руках савецкага і нацыстоўскага рэжымаў кроў мільёнаў ахвяр.

За часамі савецкае акупацыі, якая на ўсходзе Беларусі пачалася ў 1918 годзе, а на захадзе – у верасні 1939 году, сотні тысяч беларусаў былі дэпартаваныя ў Сібір і Цэнтральную Азію, змешчаныя ў канцэнтрацыйныя лагеры або вынішчаныя на расстрэльных палігонах па ўсёй Беларусі.

У развязанай Гітлерам і Сталінам Другой Сусветнай вайне загінула ня менш за чвэрць насельніцтва Беларусі. Гітлераўцамі па этнічнай прыкмеце мэтна знішчаныя соткі тысяч жыхароў Беларусі – этнічных габрэяў. У час карніцкіх акцый нямецкімі акупантамі былі спаленыя шматлікія беларускія вёскі, забітыя тысячы мірных жыхароў.

Прапанова аб устанаўленні Дня памяці была вылучана ў “Пражскай дэклярацыі аб еўрапейскім сумленні і камунізме”, падпісанай 3 чэрвеня 2008 года Вацлавам Гавелам і шматлікімі сябрамі Еўрапейскага парламенту. 23 верасня 2008 году 409 сябраў Еўрапейскага парламенту падпісалі дэклярацыю, якая падтрымала ўстанаўленне памятнага дня.

2 красавіка 2009 году Еўрапейскі парламент прыняў закон пра Дзень памяці шляхам галасавання (533 – за, 44 – супраць, 33 – устрымаліся).