У той час, калі практычна ўсе грамадскія арганізацыі Беларусі за паўтара апошнія гады сталіся закрытыя па рашэнні ўладаў, прадзяржаўнай структуры “Белая Русь” створаны рэжым найбольшага спрыяння. Арганізацыя, якая дзеіць за дзяржаўныя грошы, а значыць за грошы падаткаплацельшчыкаў, імкнецца пашырыць свае ідэалагічныя ўплывы. Цягам апошняга тыдня на Гарадзеншчыне напярэдадні новага навучальнага году праходзілі акцыі падарункаў для дзяцей бацькоў, якія ёсць членамі “Белой Руси”.

У Гародні такую акцыю правялі небезвядомыя кіраўніца абласной арганізацыі “Белой Руси” Светлана Варяница і “дэпутатка” Лилия Кирьяк. Мяркуючы па здымках, ахвотных на падарункі знайшлося няшмат.

Пра аналагічную акцыю перад школай расказала і ашмянская раённая газета “Ашмянскі веснік”. У Ашмянах падарункі давалі ў гімназіі. Раёнка расказвае, што “август беспощадно переворачивает странички календаря, все ближе приближая к началу нового учебного года”. У першы клас адпраўлялі некаторых школьнікаў таксама з “Белой Русью”.